Старажытная беларуская літаратура
Покупка
Новинка
Издательство:
Вышэйшая школа
Год издания: 2025
Кол-во страниц: 369
Возрастное ограничение: 12+
Дополнительно
Вид издания:
Художественная литература
Уровень образования:
Дополнительное образование
ISBN: 978-985-599-956-1
Артикул: 863464.01.99
Выданне ўключае творы старажытнай пісьменнасці (эпохі Сярэднявечча і Адраджэння, стылі барока, класіцызм, асветніцтва, рамантызм і рэалізм) і змяшчае спасылкі ў выглядзе QR-кодаў на аўдыязапісы матэрыялаў. У асноўным гэта аповесці, летапісы, жыціі, паэмы і іншыя творы гуманістаў-асветнікаў (К. Тураўскага, Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, С. Полацкага, В. Равінскага, К. Вераніцына і інш.), у якіх ярка выявіліся настроі і мары беларускага народа ў розныя гістарычныя часы. Можна прасачыць асаблівасці пераходу ад даўняй да новай літаратуры, ад дакументавання і каментавання да ўласна мастацкіх твораў. Літаратурна-мастацкае выданне для шырокага кола чытачоў, карысна ўсім,
хто цікавіцца духоўным набыткам нацыі.
Скопировать запись
Фрагмент текстового слоя документа размещен для индексирующих роботов
УДК 821.161.3=822 ББК 84(4Беи) С77 Серыя заснавана ў 2023 годзе Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту Тэксты твораў і спасылкі на аўдыязапісы ў выглядзе QR-кодаў прыведзены па выданнях: Беларуская літаратура : хрэстаматыя : вучэбны дапаможнік / уклад. М.А. Лазарук [і інш.]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. Бібліятэка школьніка : 9-ты клас : аўдыякніга / тэксты чытаюць А. Каляда, Н. Кухарава. — Мінск : Вышэйшая школа, 2016. Старажытная беларуская літаратура : зборнік. — Мінск : Вышэйшая школа, 2010. — (Школьная бібліятэка). Старажытная беларуская літаратура. — Мінск : Вышэйшая школа, 2023. Старажытная беларуская літаратура. — Мінск : Адукацыя С77 і выхаванне, 2025. — 367 с. — (Чытай і слухай). ISBN 978-985-599-956-1. Выданне ўключае творы старажытнай пісьменнасці (эпохі Сярэднявечча і Адраджэння, стылі барока, класіцызм, асветніцтва, рамантызм і рэалізм) і змяшчае спасылкі ў выглядзе QR-кодаў на аўдыязапісы матэрыялаў. У асноўным гэта аповесці, летапісы, жыціі, паэмы і іншыя творы гуманістаў-асветнікаў (К. Тураўскага, Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, С. Полацкага, В. Равінскага, К. Вераніцына і інш.), у якіх ярка выявіліся настроі і мары беларускага народа ў розныя гістарычныя часы. Можна прасачыць асаблівасці пераходу ад даўняй да новай літаратуры, ад дакументавання і каментавання да ўласна мастацкіх твораў. Літаратурна-мастацкае выданне для шырокага кола чытачоў, карысна ўсім, хто цікавіцца духоўным набыткам нацыі. УДК 821.161.3=822 ББК 84(4Беи) Усе правы на дадзенае выданне абаронены. Узнаўленне ўсёй кнігі ці любой яе часткі не можа быць ажыццёўлена без дазволу выдавецтва. ISBN 978-985-599-956-1 Укладанне, афармленне. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”», 2025
Літаратура Сярэднявечча Аповесці Словы Жыціі Летапісы
Калі б я казаў ад сябе, то вы рабілі б добра, не прыходзячы ў храм. Але я спавяшчаю вам Слова Госпада, чытаю вам грамату Хрыстову… Я раздаю словы Божыя, даражэйшыя за золата і каштоўныя камяні, саладзейшыя за мёд і соты, а вы страчваеце іх, не прыходзячы ў царкву… але тых, хто прыходзіць, я хвалю і благаслаўляю. Свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі Кожны дзень павучала сясцёр сваіх: старых вучыла цярплівасці і ўстрыманню; юных жа навучала душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню; хадзе спакойнай, голасу засяроджанаму, слову дабрачыннаму, ядзе і піццю маўкліваму; у адносінах да старэйшых быць пакорлівымі, а мудрых слухаць; да роўных і меншых — любові некрывадушнай; менш казаць, а болей разумець. Еўфрасіння Полацкая, манахіня і ігумення праваслаўнага манастыра, асветніца, нябесная заступніца зямлі беларускай
5 АПОВЕСЦЬ МІНУЛЫХ ЧАСОЎ* Аповесць пра Ўсяслава Полацкага** Ó год 6529 (1021). Прыйшоў Брачыслаў, сын Iзяслава, унук Уладзіміра, на Ноўгарад, і ўзяў Ноўгарад, і, захапіўшы ноўгарадцаў і іх набытак, пайшоў к Полацку. І калі прыйшоў ён да ракі Судомір, Яраслаў з Кіева на сёмы дзень тут дагнаў яго. І перамог Яраслаў Брачыслава, і ноўгарадцаў вярнуў у Ноўгарад, а Бра чыслаў пабег к Полацку. У год 6552 (1044)… У той жа год памёр Брачыслаў, сын Ізяслава, унук Уладзіміра, бацька Усяслава, і Усяслаў, сын яго, сеў на яго [княскім] стале [у Полацку]. Маці ж яго нарадзіла ад чарадзейства. Калі маці яго нарадзіла, на галаве яго была сарочка. І сказалі вешчуны яго маці: «Гэтую сарочку навяжы на яго, няхай носіць яе да смерці». І носіць яе на сабе Ўсяслаў і сёння, таму і нялітасцівы ён на кровапраліцце. У год 6574 (1066). Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад, з жанчынамі і дзецьмі, і званы зняў са святой Сафіі. О, вялікая бяда была ў той час! У год 6575 (1067). Узняў раць у Полацку Ўсяслаў, сын Брачыслава, і заняў Ноўгарад. Трое ж Яраславічаў, Iзяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, сабраўшы вояў, пайшлі на Ўсяслава ў люты мароз. І падышлі [яны] да Менска. І зачыніліся мяняне ў горадзе. Браты ж узялі Менск, перабілі ўсіх мужчын, а жанчын і дзяцей узялі ў палон і пайшлі да Нямігі. І пайшоў Усяслаў супраць іх. І сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-ці дзень, быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. І была лютая сеча, і многія палеглі ў ёй, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, Усяслаў жа ўцёк. Пасля гэтага месяца ліпеня ў 10-ты дзень Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, пацалаваўшы крыж святы Ўсяславу, сказалі яму: «Прыйдзі да * Іншыя назвы летапіснага збору: «Аповесць мінулых гадоў»; «Нестараў летапіс» (XII ст. – складальнікам лічыцца манах Нестар). ** Тэкст чытае Данута Штэйн.
6 нас, не ўчынім табе [нічога] злога». Ён жа, спадзеючыся на іх крыжацалаванне, пераехаў да іх у лодцы праз Днепр. Калі ж Ізяслаў увайшоў першы ў шацёр, тут схапілі Ўсяслава, на Ршы каля Смаленска, пераступіўшы крыжацалаванне. Ізяслаў жа, прывёўшы Ўсяслава ў Кіеў, пасадзіў яго і двух сыноў у турму. У год 6576 (1068). Прыйшлі іншапляменнікі на Рускую зямлю, мноства полаўцаў. Ізяслаў жа, Святаслаў і Ўсевалад выйшлі супраць іх на Альту. І ноччу пайшлі адзін на аднаго. За грахі нашыя наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі, і перамаглі полаўцы. …Калі Ізяслаў з Усеваладам пабеглі ў Кіеў, а Святаслаў у Чарнігаў, тады кіяўляне прыбеглі ў Кіеў, сабралі веча на рынку і паслалі да князя сказаць: «Вось полаўцы рассеяліся па ўсёй зямлі, дай, княжа, зброю і коней, і мы яшчэ паваюем з імі». Аднак Ізяслаў не паслухаў гэтага. І пачалі людзі наракаць на ваяводу Каснячка, пайшлі на гару з веча і прыйшлі на двор Каснячка і, не знайшоўшы яго, сталі ля двара Брачыслава і сказалі: «Пойдзем вызвалім дружыну сваю з турмы». І падзяліліся [яны] на дзве часткі: адна палова пайшла да турмы, а другая палова пайшла па мосце і прыйшла на княскі двор. Ізяслаў жа ў гэты час на сенях раіўся з дружынаю сваёю. І пачалі спрачацца з князем [людзі], стоячы ўнізе. Калі князь глядзеў з акна, а дружына стаяла каля яго, сказаў Ізяславу Тукі, брат Чудзіна: «Бачыш, княжа, людзі загулі; пашлі, няхай Усяслава павартуюць». І пакуль ён гэта казаў, другая палова людзей прыйшла ад турмы, адкрыўшы яе. І сказала дружына князю: «Злое ўчынілася; пайшлі да Ўсяслава, няхай, паклікаўшы падманам да акна, праткнуць яго мечам». І не паслухаў гэтага князь. Людзі ж закрычалі і пайшлі да турмы Ўсяслава. Ізяслаў жа, убачыўшы гэта, пабег з Усеваладам з двара. Людзі ж вызвалілі Ўсяслава з турмы ў 15-ты дзень верасня і ўшанавалі яго пасярод княскага двара. Двор жа княскі разрабавалі, безліч золата і срэбра, у манетах і злітках. Ізяслаў жа ўцёк да ляхаў. Усяслаў жа сеў у Кіеве. Гэтым Бог паказаў сілу крыжа, таму што Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў яго [Усяслава], з-за гэтага і наслаў Бог паганых. Усяслава ж яўна выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Ўсяслаў, уздыхнуўшы, сказаў: «О, святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з гэтай турмы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і тут [на зямлі] будзе пакараны, і ў будучым прыме
7 кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаны сілы д'ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае, крыж аберагае ў бітвах, веруючыя перамагаюць супастатаў, крыж хутка ратуе ад напасцяў тых, хто просіць яго дапамогі, веруючы. Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа. Калі з'яўляюцца д'ябальскія прывіды, то, перахрысціўшыся, іх праганяюць. Усяслаў жа сядзеў у Кіеве сем месяцаў. У год 6577 (1069). Пайшоў Ізяслаў з Баляславам на Ўсяслава, Усяслаў жа выступіў насустрач. І прыйшоў да Белгарада, ноччу ж ён патаемна ад кіяўлян уцёк з Белгарада ў Полацак… Ізяслаў жа выгнаў Усяслава з Полацка і пасадзіў у Полацку свайго сына Мсціслава; ён жа неўзабаве памёр там. І пасадзіў [Ізяслаў у Полацку] на яго месца яго брата Святаполка, Усяслаў жа ўцёк. У год 6579 (1071)… У той жа год выгнаў Усяслаў Святаполка з Полацка. У той жа год перамог Яраполк Усяслава каля Галацічаска. (1078). Усяслаў Смаленск папаліў, і я з чарнігаўцамі верхам з паводнымі коньмі паімчаўся [к Смаленску] і не засталі [яго] ў Смаленску. У той пагоні за Ўсяславам я папаліў зямлю і паваяваў яе да Лукомля і да Лагожска, пасля на Друцак пайшоў вайною і зноў [вярнуўся] у Чарнігаў. (1084). У тую ж восень хадзілі з чарнігаўцамі і з полаўцамічытаевічамі к Менску, захапілі горад і не пакінулі ў ім ні чалядзіна, ні жывёліны. У год 6609 (1101). Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка ў 14-ты дзень, у дзевяць гадзін дня, у сераду… Старонкі Полацкага летапісу* Ó год 6624 (1116). Прыходзіў Уладзімір [Манамах] на Глеба [Усяславіча], бо Глеб ваяваў дрыгавічоў і Слуцак папаліў і не каяўся аб учыненым, не скарыўся, а [яшчэ] болей на Ўладзіміра гаварыў, дакараючы яго. Уладзімір жа, спадзеючыся на Бога і на праўду, пайшоў к Смаленску са сваімі сынамі і з Давыдам Святаславічам і з Ольгавічамі. І ўзяў Вячаслаў Воршу і Копысь, а Давыд з Яраполкам здабылі Друцак. Сам жа Ўладзімір пайшоў к Менску. І зачыніўся Глеб у горадзе. Уладзімір жа пачаў ставіць хату ў сваім лагеры насупраць горада. Калі Глеб убачыў [гэта], то яго апанаваў страх. І пачаў ён прасіць літасці ва Ўладзіміра, ** Тэкст чытае Данута Штэйн.
8 пасылаючы [да яго] сваіх пасланцоў. Уладзімір жа зжаліўся, што кроў пральецца ў дні вялікага посту, і даў яму мір. Глеб жа выйшаў з горада з дзецьмі і з дружынаю пакланіцца Ўладзіміру, і гаварылі яны словы пра мір. І абяцаў Глеб ва ўсім слухацца Ўладзіміра. Уладзімір жа, супакоіўшы і строга папярэдзіўшы Глеба, даў яму Менск, а сам вярнуўся ў Кіеў. Яраполк жа пабудаваў горад Жэлдзі для дручанаў, якіх паланіў. У год 6627 (1119). Уладзімір узяў Менск у Глеба Усяславіча, а яго самога прывёў у Кіеў. У той жа год памёр у Кіеве Глеб Усяславіч 13 верасня. У год 6636 (1127)… У той жа год паслаў князь Мсціслаў сваіх братоў на крывічоў чатырма шляхамі: Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародні, Вячаслава Яраславіча з Клецка — гэтым загадаў ісці да Ізяслаўля, а Ўсеваладу Ольгавічу загадаў ісці са сваімі братамі на Стрэжаў да Барысава, Івана Вайцішыча паслаў з торкамі, сына ж свайго Ізяслава з Курска са сваім атрадам паслаў на Лагожск, а другога сына свайго Расціслава паслаў са смалянамі на Друцак. І сказаў ім у адзін і той жа дзень, 11 жніўня (у Лаўрэнцьеўскім летапісе — 4 жніўня) усім пачаць напад. Ізяслаў жа пачаў на дзень раней, чым браты, пераняў людзей ад горада, яны спалохаліся і здаліся [яму]. Ізяслаўцы ж пачалі біцца з Вяча славам і Андрэем. Ізяслаў, пачакаўшы два дні каля Лагожска, пайшоў к Ізяслаўлю да свайго дзядзькі, ведучы з сабою і Брачыслава, зяця свайго, які пайшоў быў да свайго бацькі, але на паўдарозе збаяўся, і не мог ісці ні наперад, ні назад, і прыйшоў да свайго швагра, і лагажан прывёў, што быў вывеў з Лагожска. Ізяслаўцы, убачыўшы князя свайго і лагажан, якіх без шкоды захапілі, здаліся Вячаславу, сказаўшы яму: «Пакляніся Богам, што не аддасі нас на разрабаванне». Вечарам Вараціслаў, Андрэеў тысяцкі, і Іванка Вячаславіч паслалі сваіх отракаў у горад і так на світанні, увёўшы сваіх вояў, здабылі [Ізяслаўль], ледзьве Мсціслаўны набытак збераглі, з вялікай цяжкасцю б'ючыся. І так вярнуліся дамоў з багатым палонам. Пасля і ноўгарадцы прыйшлі з Усеваладам Мсціславічам к Неключу. І тады палачане, змовіўшыся, выгналі Давыда з сынамі, узялі Рагвалода [Усяславіча] і пайшлі з ім да Мсціслава, просячы ўзяць яго за князя. І выканаў іх волю Мсціслаў. Узялі яны Рагвалода і павялі ў Полацак. У год 6638 (1129)… У той жа год саслаў Мсціслаў полацкіх князёў з жонкамі і з дзецьмі ў Грэцыю за тое, што пераступілі крыжацалаванне.
9 У год 6648 (1139)… У той жа час вярнуліся з Царграда два [полацкія] княжычы, якіх саслаў быў Мсціслаў, вялікі князь кіеўскі, за тое, што не скарыліся яму і не паслухалі яго, калі клікаў іх у Рускую зямлю на дапамогу, і, больш таго, жадалі здароўя шалудзіваму Баняку. І з-за гэтага раззлаваўся на іх Мсціслаў і хацеў на іх пайсці, але нельга было, бо тады [моцна] былі налеглі полаўцы на Русь. І калі Мсціслаў вызваліўся ад раці, успомніў ён ранейшае і паслаў па крывіцкіх князёў, па Давыда, Расціслава, Святаслава і двух Рагвалодавічаў [Васіля і Івана], пасадзіў іх у тры лодкі і саслаў у Царград за непаслушэнства, а сваіх мужоў пасадзіў па іх гарадах. У год 6651 (1143)… У той жа год прывёў Усевалад, вялікі князь кіеўскі, свайму сыну Святаславу [за жонку] Васількаўну, [дачку] полацкага князя. У год 6652 (1144)… У той жа год Ізяслаў [Мсціславіч] аддаў сваю дачку ў Полацак за Рагвалода Барысавіча, і Ўсевалад, [вялікі] князь кіеўскі, прыходзіў з жонкаю і з усімі баярамі на вяселле. У той жа год прызначылі Полацку епіскапам Кузьму. У год 6659 (1151)… У той жа год схапілі палачане Рагвалода Барысавіча, князя свайго, і паслалі ў Менск і там трымалі [яго] у цяжкай няволі, а [Расціслава] Глебавіча прывялі да сябе [у Полацак]. І прыслалі палачане [сваіх паслоў] да Святаслава Ольгавіча [князя чарнігаўскага], выказваючы сваю дружалюбнасць, і абяцалі слухацца яго, як бацьку, і на гэтым цалавалі яму крыж. У год 6667 (1158)… У той жа год пайшоў Рагвалод Барысавіч ад Святаслава Ольгавіча шукаць сабе воласці, узяўшы [на падмогу] полк Святаславаў, бо не літасцівыя былі браты яго: [яны] адабралі ў яго воласць і ўвесь набытак. Прыйшоўшы ў Слуцак, ён паслаў [сваіх пасланцоў] да дручан. Дручане ж былі рады яму і, прыязджаючы да яго, вабілі да сябе [у Друцак], гаворачы: «Прыязджай, княжа, не марудзь, [вельмі] рады мы табе: нават калі нам з дзецьмі [сваімі давядзецца] біцца за цябе, з радасцю будзем біцца». І выехалі насустрач яму больш як 300 дручан і палачан, і ўвайшоў [Рагвалод] у горад [Друцак] з вялікай пашанаю, і рады былі яму людзі. Глеба ж Расціславіча выгналі і двор яго разрабавалі і дружыну яго, і прыйшоў Глеб да [свайго] бацькі ў Полацак. Вялікі мяцеж быў [тады] у горадзе сярод палачан, бо многія хацелі Рагвалода. Ледзьве супакоіў людзей Расціслаў, адарыў многіх падарункамі, прыводзіў іх да крыжа [цалаваць], а сам пайшоў з Усеваладам і Валадаром і з усімі братамі на Рагвалода к Друцку. Рагвалод жа закрыўся ў горадзе. І моцна біліся, і шмат з
10 абодвух бакоў палегла. Дручане ж дакаралі [братоў]. І ўчыніў мір Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі яны крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. І вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў. У тое ж лета ўчынілі змову палачане супраць свайго князя Расціслава Глебавіча і пераступілі крыжацалаванне, бо яны [раней] цалавалі яму крыж, [гаворачы], што «ты наш князь і дай нам Бог з табою пажыць, ніякай здрады не ўчыніць аж да крыжацалавання». І так адступілі [ад прысягі на крыжы], як я казаў, і паслалі патаемна да Рагвалода Барысавіча ў Друцак, гаворачы яму: «Княжа наш, саграшылі мы перад Богам і перад табою, што выступілі супраць цябе без прычыны, набытак твой увесь і тваёй дружыны разрабавалі, а цябе самога, схапіўшы, выдалі Глебавічам на вялікія пакуты. Калі ж ты не прыпомніш нам усё тое, што мы, неразумныя, табе ўчынілі, і крыж нам пацалуеш, то мы людзі твае, а ты наш князь. Расціслава ж, схапіўшы, аддамо табе ў рукі, і што ты хочаш, тое і зробіш з ім». І Рагвалод прысягнуў [палачанам] на крыжы, што ён не прыпомніць ім усё тое [дрэннае, што яны яму ўчынілі], і адпусціў іх назад. Сярод палачан былі прыхільнікі Расціслава, [яны паведамілі яму], што яго хочуць схапіць. І пачалі [палачане] лісліва клікаць Расціслава на братчыну да старой [царквы] святой Багародзіцы на Пятроў дзень, каб там схапіць яго. Ён жа паехаў да іх, схаваўшы зброю пад адзенне, і не пасмелі [змоўшчыкі] напасці на яго. Назаўтра пачалі яго [зноў] вабіць да сябе, гаворачы: «Княжа, прыедзь да нас, ёсць у нас да цябе [важная] справа, прыедзь жа да нас у горад» (быў тады князь у Бельчыцах). І сказаў Расціслаў пасланцам іх: «Я ж учора ў вас быў, чаму [нічога] не гаварылі мне, што ў вас была да мяне справа?» І, нічога не падазраючы, паехаў [Расціслаў] у горад. І тут памчаў з горада яму насустрач слуга: «Не едзь, княжа, веча [сабралася] супраць цябе ў горадзе і дружыну тваю збіваюць, а цябе [самога] хочуць схапіць». І тады вярнуўся [Расціслаў] назад у Бельчыцы, сабраў усю сваю дружыну і адтуль пайшоў да брата [свайго] Валадара ў Менск. І шмат шкоды ўчыніў [ён] Полацкай воласці, ваюючы, [забіраючы] жывёлу і чэлядзь. І паслалі палачане па Рагвалода ў Друцак. І ўвайшоў Рагвалод у Полацак месяца ліпеня [8-га дня] і сеў на княскім стале дзеда свайго [Усяслава] і бацькі свайго [Барыса] з вялікай пашанаю, і так былі рады палачане. Пасля Рагвалод сабраў шмат вояў-палачан, і Расціслаў Мсціславіч [князь смаленскі] прыслаў яму двух сыноў на дапамогу, Рамана і Рурыка, і смалян, ноўгарадцаў і пскавічан, ды і сам [Расціслаў]