Аповесці і апавяданні
Покупка
Тематика:
Литература Европы первой половины XX в.
Издательство:
Вышэйшая школа
Автор:
Мавр Янка
Год издания: 2024
Кол-во страниц: 369
Возрастное ограничение: 12+
Дополнительно
Вид издания:
Художественная литература
Уровень образования:
Дополнительное образование
ISBN: 978-985-06-3594-5
Артикул: 863149.01.99
Янка Маўр (1883-1971) - адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, паклаў пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам. Літаратурна-мастацкае выданне ўключае творы пісьменніка і змяшчае спасылкі
ў выглядзе QR-кодаў на аўдыязапісы тэкстаў ("У краіне райскай птушкі”; "Сын вады”; "Палескія рабінзоны”; "Слёзы Тубі”; "ТВТ”; "Шчасце”). Першае выданне выйшла ў 2023 г.
Для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай.
Тематика:
ББК:
УДК:
ГРНТИ:
Скопировать запись
Фрагмент текстового слоя документа размещен для индексирующих роботов
УДК 821.161.3-93 ББК 84(4Беи)-44 М35 Серыя заснавана ў 2023 годзе Спасылкі на аўдыязапісы ў выглядзе QR-кодаў прыведзены па выданню Янка Маўр. Аповесці і апавяданні : аўдыякніга / тэксты чытае Н. А. Кухарава. — Мінск : Вышэйшая школа, 2013. Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Маўр, Я. М35 Аповесці і апавяданні / Янка Маўр. – 2-е выд. – Мінск : Вышэйшая школа, 2024. – 367 с. – (Чытай і слухай). ISBN 978-985-06-3594-5. Янка Маўр (1883–1971) – адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, паклаў пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам. Літаратурна-мастацкае выданне ўключае творы пісьменніка і змяшчае спасылкі ў выглядзе QR-кодаў на аўдыязапісы тэкстаў (“У краіне райскай птушкі”; “Сын вады”; “Палескія рабінзоны”; “Слёзы Тубі”; “ТВТ”; “Шчасце”). Першае выданне выйшла ў 2023 г. Для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай. УДК 821.161.3-93 ББК 84(4Беи)-44 Усе правы на дадзенае выданне абаронены. Узнаўленне ўсёй кнігі ці любой яе часткі не можа быць ажыццёўлена без дазволу выдавецтва. ISBN 978-985-06-3594-5 Укладанне, афармленне. УП «Выдавецтва “Вышэйшая школа”», 2024
У краіне райскай птушкі
I Новая Гвінея. — У мангравым лесе. — Кітаец Чунг-лі. — У гасцях у папуасаў. Д алёка-далёка ад нас, на другім баку зямлі, можна сказаць, супраць нашых ног, на поўнач ад Аўстраліі, ляжыць вялікі востраў Новая Гвінея. На дзве з паловай тысячы кіламетраў працягнуўся ён у даўжыню і больш чым на шэсцьсот кіламетраў — у шырыню. Тры такія дзяржавы, як Англія, маглі б змясціцца на гэтым востраве. Ляжыць Новая Гвінея каля самага экватара; значыць, там стаіць вечнае лета. Не трэба дбаць ні аб апале, ні аб цёплым адзенні, ні аб шчыльнай хаце. Увесь год растуць і цвітуць там розныя дзіўныя расліны. Па чырвоных кветках даўжынёю і шырынёю з добры ручнік лётае райская птушка, якая толькі і жыве ў гэтай краіне ды на некалькіх бліжэйшых астравах. Здавалася б, вельмі прыемна жыць у такой краіне, але чамусьці народу там так мала, што на квадратны кіламетр прыпадае ўсяго толькі «палова чалавека». Жыхары Новай Гвінеі — папуасы — знаходзяцца ў такіх умовах, што і да гэтага часу лічацца самымі адсталымі людзьмі на зямлі*. З еўрапейцаў там стала жыве ўсяго некалькі сот чалавек. Ды і тыя размясціліся толькі па марскіх берагах, а ў цэнтры вострава ёсць нават такія мясціны, дзе ні разу не ступала нага белага чалавека. Паспрабуем заглянуць у гэтую невядомую цікавую краіну. …Сонца паліла так, як можа паліць толькі на экватары. Гарачыя праменні нібы праразалі наскрозь усё, што ім траплялася па дарозе, — і лісце дрэў, і ваду, і зямлю. Здаецца, яны хацелі вы смактаць з зямлі ўсю вільгаць, але ўсюды было столькі вады, што не сушэй рабілася, а нібы яшчэ вільгатней. * Аповесць пісалася ў пачатку 20-х гадоў XX cтагоддзя.
Здавалася, што паветра было якоесьці густое, як у лазні, толькі пары не было відаць. Розныя пахі адчуваліся ў ім — і кветкавыя, і пладовыя, і разам з тым гнілыя, душныя, шкодныя. Гэта і ёсць тое першае, галоўнае, што перашкаджае прыезджым людзям жыць у гэтай краіне. Цёплая вільгаць з’яўляецца галоўнай прычынай самай пашыранай у гарачых краінах хваробы — жоўтай ліхаманкі. Затое раслінам усё гэта вельмі спрыяе. Яны так шпарка растуць, што, здаецца, каб прыслухаўся, то мог бы ўчуць, як яны пруць з зямлі. Кожнае дрэва, куст ці травінка цягнуцца ўгору, да сонца, нібы навыперадкі. Кожная расліна стараецца адапхнуць свайго суседа і захапіць як мага больш месца пад сонцам. Слабейшыя застаюцца ўнізе, заглушаюцца і паступова марнеюць. Вышэй за ўсіх уздымаюцца пальмы. Іх верхавіны, з лісцем даўжынёю да чатырох метраў, выглядаюць як памёлы. А там, ніжэй, ідзе ўжо такая гушчыня, што і не разбярэш, што там расце. Праўда, большасць дрэў для нас зусім і невядомыя. Лісце вялізнае ярка-зялёнае, нібы тлустае, а кветкі проста гараць рознымі колерамі. Нават наша папараць расце тут як дрэва, велічынёю з сасну. Бліжэй да вады размясціліся так званыя мангравыя дрэвы, карэнні ад якіх уздымаюцца ўверх вышэй за рост чалавека, так што можна пад імі хадзіць. Некаторыя расліны з-за недахопу месца і святла прыладзіліся на чужым карку і п’юць сок з другога дрэва. Самымі распаўсюджанымі з іх з’яўляюцца ліяны, якія, нібы вяроўкі таўшчынёю з руку, пераблыталі ўвесь лес. Нават адна парода пальмаў, так званая ратангавая, таксама прыстасавалася жыць за чужы кошт. Можна было толькі заўважыць, што жывёл мала ў гэтым лесе. І праўда, на Новай Гвінеі звяроў амаль што няма, калі не лічыць некалькіх парод, з якімі мы яшчэ сустрэнемся. Сярод гэтага лесу на поўдзень цячэ рэчка — павольна, ціха. Розныя затокі і адтокі разыходзяцца ва ўсе бакі, — відаць, што рака канчаецца, што блізка павінна быць мора. Па баках, як сцяна, стаіць высокі бамбук. Дзікія качкі капошац ца там. На мангравым корані тырчыць белая чапля. Відаць, ніхто іх тут не чапае. Нікога няма навакол. Але вось з-за павароту ракі паказаўся човен, просты, выдзеўбаны з бервяна. У ім сядзеў чалавек сярэдняга росту, жоўты, з вузкімі касымі вачыма. Відаць было, што гэта кітаец. Толькі як ён сюды трапіў з другога канца свету?
Аднак жа гэта быў сапраўды кітаец. Адзенне яго складалася толькі з портак і кашулі, але і ад іх засталася толькі назва, бо гэта былі адны анучкі, звязаныя рознымі сцябельчыкамі і карэньчыкамі. Веславаў і руляваў ён жардзінай, а на дне чоўна ляжала торба і невялічкая піка. Ехаў ён ціха, асцярожна, увесь час азіраючыся. Ён баяўся выязджаць на сярэдзіну ракі і ўсё трымаўся берага. Худы, змораны твар сведчыў, што падарожны многа перацярпеў. Адзін, другі заварот — і перад ім адкрылася мора. Толькі нельга было вызначыць, дзе яно пачыналася і дзе канчалася, бо ўсё навакол было заліта вадою, а мангравы лес выдаваўся далёка ў мора. Мора было неглыбокае. Далёка-далёка відаць было, як пеніліся і разбіваліся хвалі аб падводныя рыфы. Гэта была Тарэсава пратока, якая аддзяляе Новую Гвінею ад Аўстраліі. У гэтай частцы Вялікага акіяна, на паўночны ўсход ад Аўстраліі, даўно працуюць ужо каралавыя паліпы і хутка, гэта значыць, праз якіх паўмільёна ці мільён гадоў, зусім забудуюць мора. Да гэтага кітаец лёгка плыў уніз па рацэ, а цяпер ён стаў адчуваць, што вада пачынае цячы насустрач, уверх. Вось ужо і човен пачало адносіць назад, і кітаец павінен быў напружваць усе сілы, каб пасоўвацца ўніз. Тым часам і зверху вада таксама прыбывала. Вось сустрэліся струмені зверху і знізу і закруцілі човен. Становішча рабілася ўжо небяспечным. Пакруціўшыся некаторы час пасярэдзіне ракі, кітаец неяк здолеў вырвацца з віру і як мага хутчэй накіраваўся да берага, правільней сказаць, у лес, бо ніякага берага не было. Ён праціснуўся паміж мангравых карэнняў і стаў чакаць. На працягу гадзіны вада ўсё падымалася, а потым пачала спадаць. Але кітаец, відаць, не мерыўся ехаць далей. Ён пашукаў яшчэ большага гушчару і заехаў туды так, што зусім схаваўся. Потым сваім нажом адрэзаў кавалак ліяны і прывязаў човен да карэнняў. Вада тым часам усё спадала ды спадала. Вось ужо спод чоўна дакрануўся да глебы. Вось пачалі паказвацца чорныя плямы зямлі. Потым вада зусім адышла. Толькі збоку засталася абмялелая рака, ды мора блішчала дзесь далёка скрозь дрэвы. Кітаец вылез, узяў сваю торбу і піку, яшчэ раз паглядзеў, ці добра схаваны човен, і пайшоў налева, уздоўж берага мора. Ісці было вельмі дрэнна. Зямля была гразкая, усюды пазаставалася шмат лужын. У адной з іх кітаец заўважыў ладнага краба, велічынёю з шапку. Гэта была добрая спажыва, і кітаец не мінуў
яе. Ён узяў галіну і сунуў у крабаву клюшню. Той зараз жа моцна ўчапіўся за галіну, і кітаец без клопату выцягнуў яго з вады і па клаў у сваю торбу. Але не паспеў ён прайсці некалькі крокаў, як раптам закрычаў і заскакаў ад болю: гэта краб ухапіў яго сваёй клюшняй за бок. Тады ён зняў торбу і некалькі разоў стукнуў ёю аб дрэва. Кітаец ішоў наўкос, набліжаючыся да берага. Відаць было, што гэта месца яму знаёмае. Але пасоўваўся ён вельмі марудна, бо цяжка было праціскацца праз мангравыя карэнні. Тым часам сонца пачало ўжо спускацца на захад. Нецікавая будзе справа, калі ноч захопіць яго тутака. Тым болей, што ён ведаў і другую небяспеку, якая пагражае яму, калі ён замарудзіцца. Так і ёсць: лужыны пачалі трапляцца ўсё часцей, а потым кітаец заўважыў, што некаторыя зноў злучыліся з морам стужкамі вады. Кітаец зразумеў: гэта зноў пачынаўся прыліў. Калі ён не паспее, прыйдзецца на дрэве чакаць шэсць гадзін, пакуль вада зноў спадзе. Ён пайшоў як мага хутчэй, але неўзабаве пераканаўся, што ўсё роўна не паспее. Мора набліжалася, а яму трэба было яшчэ прайсці некалькі кіламетраў да месца, куды прыліў не дасягае. Каб дарэмна не траціць сілы, ён пачаў выгледжваць зручнае месца, каб прыладзіцца на гэтыя шэсць гадзін. І ўжо быў час, бо навакол з’явіліся цэлыя азёры. Ён выбраў сабе больш прытульнае дрэва і палез на яго. Непрыемная была перспектыва сядзець на дрэве да паўночы. Ды і далей не лепш: або ісці ў суцэльнай цемры, або прапусціць час і тады зноў чакаць новага прыліву і адліву. Але ўсім вядома, што кітайцы самы цярплівы народ. І наш падарожнік, здавалася, не адчуваў ніякай прыкрасці. Спакойна прыладзіўся на дрэве, выцягнуў з торбы некалькі бананаў і павячэраў імі. Было яшчэ светла. Навакол цішыня — не любяць жывёлы і нават птушкі гэтых гнілых, вільготных лясоў. Кітайцу нават прыемна было адпачыць. Ён сядзеў сабе і думаў аб сваёй бацькаўшчыне — далёкім Кітаі, аб сваёй сям’і. Звалі яго Чунг-лі. Нарадзіўся ён у Шанхаі. Бацька яго быў кулі, як звычайна завуць кітайскіх рабочых. Чунг-лі меў брата Хунь-чжы, які быў маладзейшы за яго на адзін год, і яшчэ маленькіх брата і сястру. Сям’я іх была такая бедная, што нават не мела месца на зямлі, а жыла на «сампане», гэта значыць, на маленькім плыце — метраў пяць даўжыні і два шырыні. Цэлыя вёскі з такіх сампанаў вырасталі звычайна на рэках, побач вялікіх кітайскіх гарадоў*. * Тут гаворыцца аб ранейшым, дарэвалюцыйным Кітаі.
На гэтых сампанах былі пабудаваны будкі, у якіх туліліся сем’і. Добра яшчэ, калі гэтыя будкі мелі саламяныя сцены і шчыльную столь. Увесь жа будынак сям’і Чунг-лі складаўся з некалькіх кавалкаў дошак на калках, і праз шчыліны між гэтых дошак можна было прасунуць руку. Няцяжка ўявіць, як жылося ім у халоднае, дажджыстае на - двор’е, якое там бывае замест нашай зімы. Бацька, а потым і Чунг-лі з братам падраблялі тым, што нагружалі і разгружалі караблі. Але ахвотнікаў-беднякоў было столькі, што і такая выпадковая праца траплялася рэдка. Аднаго разу прыйшлі на сампаны нейкія агенты і сталі ўгаворваць мужчын пайсці на сталую працу ў далёкі край. Яны абяцалі плаціць па трыста долараў за год і ўзяць на сябе ўсе іншыя выдаткі. Трэба толькі падпісаць кантракт на пяць год. Праз пяць год можна будзе мець чыстых паўтары тысячы долараў, калі дарэмна не траціць грошай. Тысяча пяцьсот долараў! Такі капітал, якога ніхто на сампане нават не сніў. І ўсяго толькі трэба папрацаваць пяць год. Чунг-лі меў дваццаць адзін год; значыцца, калі ён будзе мець дваццаць шэсць гадоў, ён будзе ўжо багатым чалавекам. Перабярэцца на зямлю, набудзе гаспадарку, гародчык, дом, адным словам, будзе самы шчаслівы чалавек у свеце. І бацькі пад старасць спакойна пражывуць пры ім. Для гэтай справы варта рызыкнуць. А працы ён не баіцца. Брат Хунь-чжы таксама захацеў ехаць, і гэта было яшчэ лепей, бо на чужыне вельмі многа значыць свой чалавек. А ўдвух яны праз пяць год будуць мець цэлых тры тысячы долараў! Ды гэта ж… гэта… Але ж хіба можна выказаць гэта якімі словамі? Пайшлі ў кантору, дзе ў прысутнасці англічаніна і нейкага важнага кітайца ў акулярах падпісалі ўмову. Падрабязнасцей умовы яны не зразумелі, але пра трыста долараў у год яны добра чулі нават ад самога кітайца ў акулярах. Значыцца, справа пэўная. Потым іх, у ліку двухсот чалавек, пагрузілі, як гурт быдла, на карабель і змясцілі ў труме. Потым шматтыднёвая дарога. Ад задухі і дрэннага харчавання пачаліся хваробы, людзі сталі мерці, як мухі. Гаспадары спалохаліся, што іх «тавар» загіне, зрабілі ў дарозе прыпынак, падчысцілі, падлячылі людзей і прывезлі на месца сто пяцьдзясят чалавек. Там іх пачалі размяркоўваць па розных месцах. Быў момант, калі братоў ледзь не разлучылі. Але неяк пашанцавала, і ўрэшце яны абодва апынуліся на гумавай плантацыі ў Новай Гвінеі.
Пачалася служба. Ад цямна да цямна павінны былі яны працаваць пад палаючымі праменнямі сонца. Аніводнага дня адпачынку не было вызначана. Адпачывалі толькі тады, калі гаспадары бачылі, што людзі не вытрымаюць і што можа быць страта. За самую нязначную хібу бізун гуляў па спіне. Скардзіцца не было каму, а каб і было, то ўсё роўна нічога не выйшла б, бо, згодна кантракту, на працягу пяцёх год яны былі ўласнасцю гаспадара. Апрача таго, свой свайго заўсёды пакрые. Адно толькі суцяшала — гэта мары аб тым, што праз пяць год яны будуць багатымі. Ах, каб хутчэй праляцелі гэтыя пяць год! Але выявілася, што і гэтаму багаццю пагражала небяспека. Выходзіла, што выдаткі па ўтрыманню клаліся на рабочых і ва многіх выпадках гэтыя выдаткі перавышалі заработкі. Так, напрыклад, па рахунку Чунг-лі выходзіла, што яму праз тры гады належыць замест дзевяцісот долараў толькі сто трыццаць. Нават дарога і лякарства былі пастаўлены ў рахунак. Найгорш жа за ўсё былі здзекі і біццё. Асабліва вызначаўся ў гэтай справе кіраўнік працы, містэр Брук. Адзін раз Чунг-лі браў з-пад дрэва гаршчочак з гумавым сокам і неяк перакуліў яго. Якраз ішоў міма містэр Брук. Убачыўшы такое злачынства, Брук аж пачырванеў. — Як смееш ты, сабака, псаваць гаспадарскае дабро?! — закрычаў ён і, не доўга думаючы, моцна штурхануў ботам у зубы Чунг-лі, які стаяў, пакорна схіліўшыся перад ім. Чунг-лі і да гэтага часу не ведае, як здарылася, толькі памятае, як гаршчочак разляцеўся на кавалкі аб… галаву містэра Брука, а рэшта гумавага соку заляпіла яму ўвесь твар. Брук зароў, як бык, выхапіў рэвальвер, але не мог страляць, бо нічога не бачыў. Ён стаў церці вочы, але ад гэтага рабілася яшчэ горш. Рабочыя зарагаталі ад радасці. Брук пачаў страляць не гледзячы. А Чунг-лі падбег да брата, абняў яго і ўцёк. Уцёк у той самы мангравы лес, дзе ён цяпер сядзеў. І добра зрабіў, бо за такое «злачынства» ён трапіў бы на катаргу, можа, гадоў на дзесяць. Такі ўчынак быў бы растлумачаны, як замах на жыццё «белага». А гэта ў тых краях лічыцца самым страшным злачынствам. Каб справа тычылася «каляровага» — жоўтага або чорнага, — тады зусім іншая рэч, а падняць руку на «белага» ды пры гэтым яшчэ «цара зямлі», англічаніна, — дык ужо лепш і на свет не ра дзіцца. Затое для ўсіх «каляровых» рабочых гэтае здарэнне было першай радасцю за ўсе тры гады.
Але пасля гэтага ім стала яшчэ горш, асабліва Хунь-чжы, на якога злажылі адказнасць за брата — гэта значыць, ён павінен быў адпрацаваць усю «шкоду», якую зрабіў Чунг-лі. Адносіны да другіх таксама зрабіліся яшчэ больш жорсткімі, каб усе адчувалі, што азначае замах на белага. Ды і становішча ўцекача было не лепшым. Куды было яму дзец - ца? Каб вярнуцца дамоў, яму, па-першае, трэба было мець шмат грошай, а па-другое, — ля берага, дзе толькі і жывуць белыя, яго зараз жа злавілі б. Заставалася толькі ісці куды вочы глядзяць, далей ад берага. І ён пайшоў… Пайшоў у сярэдзіну вострава, туды, дзе яшчэ ніхто не быў, туды, дзе віднеліся таемныя горы, дзе жывуць людзі, якія і самі не ідуць да белых і іх да сябе не пускаюць. Пайшоў адзін, бяззбройны, не ведаючы, куды ісці і што рабіць. А праз год чамусьці вярнуўся назад, у тое самае месца, адкуль уцёк і дзе яму пагражае небяспека… Успамінаючы цяпер свой родны сампан, ён лічыў яго за самы найлепшы куток на зямлі. Цяпер яму здавалася, што тамака акурат і жывуць найшчаслівейшыя людзі, што дарма яны лічылі сябе ўжо такімі няшчаснымі. Ён так задумаўся, седзячы на сваім дрэве, што нават не пачуў, як пад’ехала досыць вялікая лодка і спынілася пад ім. У лодцы сядзела чалавек шэсць папуасаў, узброеных лукамі і пікамі. Усё іх адзенне складалася з аднаго толькі фартуха. Яны былі высокага росту, дужыя і здаровыя. Чорнае цела іх блішчала, як бот. Яны былі кірпатыя, з тоўстымі губамі і вялікімі выступамі шчок. Але дзіўней за ўсё былі іх кудлатыя галовы. Кучаравыя валасы ўздымаліся на галаве, як стог сена, і надавалі ім вельмі люты выгляд. Яны нешта загаргаталі паміж сабою. Чунг-лі ўздрыгануўся, зашуршаў лісцем. Папуасы паднялі галовы і ўбачылі яго. Яны ўзяліся за лукі і грозна сталі яму нешта казаць. Пры гэтым паказвалі рукамі, каб ён злез да іх у лодку. Чунг-лі за гэты год часта сустракаўся з папуасамі, але ён цяпер лічыў бы за лепшае застацца на дрэве, чымся карыстацца іх гасціннасцю. Хто іх ведае, што яны сабе думаюць? Праўда, узбярэжныя папуасы, якія часцей сустракаюцца з другімі людзьмі, якія бліжэй