Книжная полка Сохранить
Размер шрифта:
А
А
А
|  Шрифт:
Arial
Times
|  Интервал:
Стандартный
Средний
Большой
|  Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц
Ц
Ц

Гісторыя дзяржавы і права Беларусі

Покупка
Артикул: 863142.01.99
Доступ онлайн
471 ₽
В корзину
У кнізе разглядаюцца пытанні станаўлення і развіцця дзяржавы і права Беларусі са старажытных часоў да сучаснага перыяду. Даецца характарыстыка гістарычнага развіцця беларускай дзяржаўнасці. Аддаецца ўвага эвалюцыі органаў улады і кіравання, судовых органаў, прававому становішчу насельніцтва, узаемаадносінам з іншымі дзяржавамі, а таксама прававому развіццю, характарыстыцы заканадаўства, асабліва зместу важнейшых помнікаў права. Другое выданне, выпраўленае і дапоўненае, выйшла ў 2021 г.
6
247
428
Довнар, Т. И. Доўнар, Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі : учебник / Т. І. Доўнар. - 3-е выд., стэр. - Мінск : Адукацыя i выхаванне, 2023. - 433 с. - ISBN 978-985-599-540-2. - Текст : электронный. - URL: https://znanium.ru/catalog/product/2219229 (дата обращения: 19.11.2026). – Режим доступа: по подписке.
Фрагмент текстового слоя документа размещен для индексирующих роботов
Т. І. Доўнар
ГІСТОРЫЯ
ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА
БЕЛАРУСІ
3-е выданне, стэрэатыпнае
Зацверджана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь  
у якасці падручніка для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі 
па спецыяльнасцях «Правазнаўства», «Паліталогія (па напрамках)», 
«Эканамічнае права», «Міжнароднае права»,  
«Дзяржаўнае кіраванне і права»
Мінск
«Адукацыя і выхаванне»
2023


Р э ц э н з е н т ы: кафедра дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання 
пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь; доктар гістарычных навук, прафесар права, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Акадэміі 
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь А.  Ф.  Вішнеўскі
УДК [321+340](476)(091)(075.8)
ББК 66.0(4Беи)я73
       Д71
©	 Доўнар Т. І., 2014
©	 Доўнар Т. І., 2021, са зменамі
©	 Афармленне. РУП «Выдавецтва 	
“Адукацыя і выхаванне”», 2023
ISBN 978-985-599-540-2
УДК [321+340](476)(091)(075.8)
ББК 66.0(4Беи)я73
Доўнар, Т. І.
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі : падручнік / Т. І. Доўнар. — 3-е выд., стэр. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 
2023. — 432 с.
ISBN 978-985-599-540-2.
У кнізе разглядаюцца пытанні станаўлення і развіцця дзяржавы 
і права Беларусі са старажытных часоў да сучаснага перыяду. Даецца 
характарыстыка гістарычнага развіцця беларускай дзяржаўнасці. Аддаецца ўвага эвалюцыі органаў улады і кіравання, судовых органаў, прававому становішчу насельніцтва, узаемаадносінам з іншымі дзяржавамі, а таксама прававому развіццю, характарыстыцы заканадаўства, 
асабліва зместу важнейшых помнікаў права.
Другое выданне, выпраўленае і дапоўненае, выйшла ў 2021 г. 
Д71


ПРАДМОВА
На сучасным этапе гістарычнага развіцця чалавецтва вышэйшая адукацыя 
становіцца тым важным фактарам дзяржаўнага развіцця, які садзейнічае вырашэнню эканамічных, палітычных, сацыяльных, культурных і іншых праблем 
сучаснага грамадства. 
«Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» — адна з фундаментальных юрыдычных дысцыплін, якая вывучаецца ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі 
Беларусь. Прадметам вывучэння гэтай вучэбнай дысцыпліны з’яўляецца сістэма 
ведаў пра ўзнікненне і эвалюцыю беларускай дзяржаўнасці, найбольш важных этапах, тэндэнцыях і асаблівасцях гістарычнага развіцця дзяржавы і права 
Беларусі. Прычым важным робіцца аналітычнае вывучэнне гісторыі нашай 
дзяржаўнасці з выяўленнем аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў гістарычнага 
развіцця, з высвятленнем белых плям, супярэчнасцей, недакладнасцей і інш.
Недастатковасць і супярэчлівасць гістарычных звестак, выкарыстанне розных 
найменняў у адносінах да насельніцтва, якое пражывала на беларускіх землях, 
доўгі час перашкаджалі асэнсаванню таго, што дзяржаўнасць на тэрыторыі 
Беларусі мае вельмі старажытнае паходжанне і яе эвалюцыя адбывалася ў рэчышчы сусветнай і агульнаеўрапейскай гісторыі. Менавіта ў сувязі з гэтым Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь акцэнтуе ўвагу на тым, што беларуская дзяржаўнасць 
прайшла шматвяковы шлях гістарычнага развіцця.
На працягу папярэдніх стагоддзяў навукоўцы займаліся аналізам гісторыкаправавога развіцця чалавечай цывілізацыі і пошукам спосабаў найбольш 
эфектыўнага функцыянавання дзяржаўнасці. Вучэбная дысцыпліна грунтуецца 
на дасягненнях гісторыка-прававой навукі, якая дае не толькі агульнае ўяўленне 
пра стан, характэрныя рысы і тэндэнцыі развіцця Беларусі і яе права, але і перш 
за ўсё магчымасць асэнсаваць узровень развіцця беларускай дзяржаўнасці і яе 
прававой культуры на тым ці іншым гістарычным этапе, выявіць месца асобы ў 
грамадстве і ролю народа ў гістарычным працэсе.
Пастаянныя трансфармацыі дзяржаўна-прававой сферы Беларусі патрабуюць удасканалення прававой навукі, пераасэнсавання папярэдніх навуковых 
падыходаў адносна такіх палітычных інстытутаў, як дзяржава і права. Права 
як элемент агульнай культуры грамадства адлюстроўвае ўзровень духоўнага 
жыцця народа, светапогляд грамадства ў пэўны перыяд часу, паступовыя змены ў правасвядомасці народа. У гісторыі айчыннага права, паэтапнае развіццё 
якога праходзіла пад уздзеяннем шматлікіх унутраных і знешніх фактараў, найбольш акрэслена адлюстроўваюцца характэрныя рысы сацыяльна-эканамічнага 
і палітычнага жыцця народа і тыя змены, якія адбываліся ў сувязі з развіццём і 
ўскладненнем гістарычнага працэсу. Вывучэнне прававой спадчыны беларускага 
народа, якое даволі доўга стрымлівалася шэрагам абставін, дае нам уяўленне 
пра становішча насельніцтва, узровень прававой культуры грамадства ў той ці 
іншы гістарычны перыяд. У сувязі з гэтым важнай задачай навукі і вучэбнай 
дысцыпліны з’яўляецца аналіз мінулага заканадаўства.


Гістарычны аналіз эвалюцыі айчыннай прававой сферы мае мэтай перш за 
ўсё фарміраванне больш прагрэсіўнага заканадаўства, найбольш адэкватнага 
сучаснай прававой свядомасці, а таксама ўдасканаленне ранейшых і фарміраванне новых прававых інстытутаў і іншых элементаў прававой сістэмы. Роля 
гісторыка-прававой навукі набывае асаблівае значэнне, паколькі яна дапамагае 
прааналізаваць і асэнсаваць ход гістарычнага развіцця, выключыць ранейшыя 
недахопы, улічыць папярэднія дасягненні, а потым на падставе прынцыпу 
пераемнасці прапаноўваць найбольш прымальныя механізмы ўдасканалення 
беларускай дзяржаўнасці і прагназаваць перспектывы яе далейшага развіцця.
Рэканструяванне забытых, але блізкіх прававому менталітэту, прававой 
свядомасці і прававой культуры беларускага народа дзяржаўна-прававых каштоўнасцей, у тым ліку ідэй, прававых інстытутаў, механізмаў рэгулявання грамадскіх 
адносін і інш., дапамагае якасна змяніць функцыянаванне як асобных прававых 
з’яў (у тым ліку галіновых юрыдычных навук), так і ўсёй прававой сферы ў цэлым. Урэшце гэта садзейнічае паляпшэнню эфектыўнасці функцыянавання беларускай дзяржаўнасці як галоўнага на сённяшні момант палітычнага інстытута, 
які выступае прыладай для дасягнення найбольш дасканалага сацыяльнаэканамічнага жыцця грамадзян на шляху пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай 
прававой дзяржавы.
Як вучэбная дысцыпліна «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» мае галоўнай 
мэтай даць веды пра канцэптуальныя асновы, храналагічную паслядоўнасць 
і асноўныя этапы развіцця беларускай дзяржаўнасці і прававой сістэмы, пра 
іх асаблівасці і характэрныя рысы, пра эвалюцыю найважнейшых прававых 
інстытутаў і галін права, пра дасягненні прававой культуры Беларусі, у тым ліку 
найбольш значныя помнікі айчыннага права, пра асаблівасці функцыянавання 
і гістарычнага развіцця дзяржаўных органаў, судовай сістэмы, заканадаўства, 
пра праблемныя і дыскусійныя пытанні айчыннай гісторыі дзяржавы і права. 
Абавязковае для студэнтаў-правазнаўцаў не толькі вывучэнне прававой спадчыны беларускага народа, але і засваенне катэгарыяльных паняццяў і канцэпцый, 
распрацаваных прававой навукай, што служыць метадалагічнай базай для паспяховага засваення галіновых і спецыяльных юрыдычных дысцыплін.
У адпаведнасці з тыпавой вучэбнай праграмай, распрацаванай выкладчыкамі 
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі 
па юрыдычных спецыяльнасцях, у падручніку выкладаюцца пытанні, якія 
ўваходзяць у кола абавязковых пры здачы экзаменаў, падрыхтоўцы курсавых 
і дыпломных прац, выкананні іншых відаў вучэбнай, вучэбна-метадычнай работы. Падаецца агульная характарыстыка найважнейшых гістарычных этапаў 
айчыннага дзяржаўна-прававога развіцця з акцэнтацыяй увагі на станоўчых і 
адмоўных рысах, асаблівасцях і тэндэнцыях у паэтапным развіцці дзяржавы і 
права Беларусі. Таксама даюцца адказы на спрэчныя пытанні са спасылкамі на 
меркаванні сучасных і папярэдніх навукоўцаў, пры гэтым спасылкі робяцца на 
найбольш важныя навуковыя публікацыі, з якімі павінны абавязкова азнаёміцца 
студэнты. Кніга не толькі арыентуе студэнтаў на засваенне пэўнага аб’ёму 
ведаў, але з’яўляецца падставай для сістэмнага засваення курса і фарміравання 


дакладных уяўленняў аб храналагічнай паслядоўнасці, этапах і асаблівасцях 
гістарычнага развіцця беларускай дзяржавы і яе прававой сістэмы.
Дадзены падручнік грунтуецца як на палажэннях папярэдніх падручнікаў і 
вучэбных дапаможнікаў, так і на найноўшых дасягненнях гісторыка-прававой 
навукі з адначасовым выкладаннем уласнай аўтарскай пазіцыі па шматлікіх 
складаных і праблемных пытаннях айчыннай гісторыі дзяржавы і права. Пры 
гэтым аўтар не мае мэтай навязаць чытачам уласныя думкі, а імкнецца звярнуць 
увагу на характэрныя рысы, адметнасць і складанасць гістарычнага дзяржаўнаправавога развіцця Беларусі, а таксама давесці да іх ведама багаты прававы набытак нашых продкаў.
Належнае вывучэнне студэнтамі гісторыі дзяржавы і права Беларусі будзе 
садзейнічаць паспяховай падрыхтоўцы будучых заканадаўцаў і правапрымяняльнікаў, выхаванню іх у духу павагі да гістарычнага мінулага. Атрыманыя пры 
засваенні вучэбнай дысцыпліны веды стануць падставай для фарміравання навуковага светапогляду і паспяховага засваення студэнтамі галіновых юрыдычных 
дысцыплін. Увогуле, засваенне гісторыі ўласнага народа садзейнічае не толькі 
фарміраванню прафесіяналаў з высокай эрудыцыяй і культурай, але і выхаванню 
іх у духу патрыятызму і павагі да гістарычнага мінулага і дасягненняў продкаў. 
Набытыя веды дапамогуць будучым юрыстам не толькі стаць належнымі 
прафесіяналамі ў прававой сферы, але і сфарміраваць па пытаннях грамадскапалітычнага і дзяржаўна-прававога развіцця ўласную грамадзянскую пазіцыю, 
стаць інтэлектуальнымі асобамі высокага кшталту і патрыётамі Айчыны.


ЧАСТКА ПЕРШАЯ
РАЗДЗЕЛ І
ПРАДМЕТ ГІСТОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА БЕЛАРУСІ, 
ЯГО ЗАДАЧЫ І ПРЫЗНАЧЭННЕ, АСАБЛІВАСЦІ. 
ПЕРЫЯДЫЗАЦЫЯ
§ 1. Прадмет гісторыі дзяржавы і права Беларусі,
яго асаблівасці і задачы
Прадметам вывучэння гісторыі дзяржавы і права Беларусі як навукі і вучэбнай дысцыпліны з’яўляюцца прычыны і ўмовы ўзнікнення, станаўлення, 
развіцця і функцыянавання дзяржаўнасці, яе прававых інстытутаў у народаў, 
якія насялялі беларускія землі з далёкай старажытнасці да сённяшняга часу. 
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў якасці гістарычнай навукі ўяўляе з сябе 
частку гісторыі чалавецтва, а ў якасці юрыдычнай — адну з фундаментальных 
галін ведаў, на якіх грунтуюцца дасягненні і высновы юрыспрудэнцыі ў цэлым.
На дасягненнях гісторыкаправавой навукі грунтуецца вучэбная дысцыпліна 
«Гісторыя дзяржавы і права Беларусі», якая выкладаецца ва ўстановах вышэйшай 
адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яе галоўнай мэтай з’яўляецца асэнсаванне характэрных рыс і асаблівасцей дзяржаўнаправавога развіцця Беларусі на папярэдніх 
гістарычных этапах, а таксама разуменне прызначэння беларускай дзяржаўнасці 
і айчыннай прававой сферы. Вучэбная дысцыпліна прызначана даць яснае 
і глыбокае разуменне заканамернасцей гістарычнага працэсу, асаблівасцей 
узнікнення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку адносна змены 
тыпаў і формаў дзяржавы на працягу стагоддзяў, эвалюцыі дзяржаўных органаў 
і палітыкаправавых інстытутаў, змен у прававым становішчы насельніцтва і 
інш. Дысцыпліна садзейнічае набыццю навыкаў абагульнення гістарычнага матэрыялу, умення яго аналізаваць і фармуляваць з навуковых пазіцый належныя 
высновы.
Акрамя таго, прадмет гісторыі дзяржавы і права Беларусі мае на мэце 
фарміраванне ў студэнтаў прававога мыслення. Гістарычны аналіз заканадаўства 
неабходны студэнтамюрыстам для правільнага разумення дзейнага заканадаўства 
і крытычнай ацэнкі састарэлага нарматыўнаправавога матэрыялу. Папярэдні 
досвед юрыспрудэнцыі непасрэдна ўплывае на навуковы светапогляд, дапамагае ў асэнсаванні ранейшых гістарычных дасягненняў і памылак з мэтай больш 
паспяховага будавання сучаснай дзяржаўнасці, яе прававых інстытутаў, а таксама належнага заканадаўства і іншых элементаў прававой сферы на падставе 


пераемнасці станоўчага гістарычнага вопыту. Такім чынам, прадмет мае не толькі 
пазнавальнае, але і метадалагічнае і практычнае значэнне, бо дапамагае студэнтам у фарміраванні правільнага светаўяўлення і выпрацоўцы погляду на 
дзяржаўнасць як на дынамічны арганізм, які пастаянна развіваецца ў цеснай 
узаемасувязі з рэальным грамадска-палітычным і эканамічным становішчам.
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі цесна звязана з іншымі юрыдычнымі 
навукамі, а для некаторых з іх з’яўляецца пэўным фундаментам. Так, на аснове 
ведаў, атрыманых навукай гісторыі дзяржавы і права, тэарэтыка-прававая навука 
выпрацоўвае агульныя для юрыспрудэнцыі катэгорыі і паняцці, аналізуе сучасныя сусветныя тэндэнцыі ў дзяржаўна-прававой сферы і прагназуе мажлівасць і 
наступствы ўкаранення новых механізмаў, інстытутаў, ідэй у дзяржаўна-прававую 
рэчаіснасць Рэспублікі Беларусь.
Спецыяльныя галіновыя юрыдычныя навукі чэрпаюць з гісторыі дзяржавы 
і права Беларусі пэўныя гістарычныя звесткі, факты, якія дапамагаюць прасачыць эвалюцыю той або іншай дзяржаўна-прававой з’явы, прававога інстытута, 
якія маюць глыбокія гістарычныя карані, але разам з тым актуальныя і сёння. 
Параўнанне гістарычнага дакументальна-прававога матэрыялу з сучаснасцю дае 
магчымасць правяраць мінулыя прававыя ідэі, нормы і палажэнні на прадмет 
іх актуальнасці, эфектыўнасці і неабходнасці ўкаранення ў дзяржаўна-прававую 
практыку сучаснай дзяржаўнасці.
«Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» ў якасці вучэбнай дысцыпліны мае 
на мэце галоўную задачу — даць веды студэнтам пра канцэптуальныя асновы, 
храналагічную паслядоўнасць і асноўныя этапы развіцця беларускай дзяржаўнасці 
і прававой сістэмы, пра найважнейшыя дасягненні прававой культуры Беларусі, 
помнікі айчыннага права, эвалюцыю найважнейшых прававых інстытутаў і галін 
права, пра асаблівасці функцыянавання і гістарычнага развіцця дзяржаўных 
органаў, судовай сістэмы, заканадаўства, пра найважнейшыя тэндэнцыі ў развіцці 
права, праблемныя і дыскусійныя пытанні айчыннай гісторыі дзяржавы і права.
На падставе атрыманых ведаў студэнты набудуць навыкі характарыстыкі 
прычын, умоў, найважнейшых этапаў і асаблівасцей развіцця дзяржавы і права Беларусі, выяўлення аб’ектыўных заканамернасцей і асаблівасцей эвалюцыі 
прававых інстытутаў, галін права, заканадаўства, а таксама тлумачэння праблемных пытанняў айчыннай прававой гісторыі. Акрамя таго, яны змогуць 
выкарыстоўваць атрыманыя веды для паспяховага засваення галіновых юрыдычных дысцыплін і фарміравання належнага навуковага светапогляду.
Пры вывучэнні гісторыі дзяржавы і права Беларусі трэба мець на ўвазе, 
што дзяржаўнасць як навуковая катэгорыя ўяўляе з сябе неад’емнае права 
этнанацыянальнай супольнасці, яе патэнцыяльную здольнасць і практычную 
магчымасць працяглага самастойнага гістарычнага існавання і развіцця, а дзяржава (дзяржаўнае ўтварэнне) — канкрэтна-гістарычную форму рэалізацыі гэтага 
права ў часе і прасторы. Беларуская дзяржаўнасць як адзінае цэлае знайшла 
ўвасабленне ў дзвюх непарыўных формах — гістарычнай і нацыянальнай [1, с. 8].
Беларуская дзяржаўнасць — гэта абагульняльны тэрмін, які вызначае 
дзяржаўна-прававыя феномены, што існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і 


на этнічна блізкіх землях. Складанасць у вывучэнні яе гісторыі ў тым, што яна 
перасякаецца з рэтраспекцыяй дзяржаўнасці іншых народаў. Гэта тычыцца і 
цывілізацыйнай прыналежнасці беларускіх зямель, якія знаходзіліся на мяжы Захаду і Усходу. Акрамя таго, неабходна асэнсоўваць, што адносна Беларусі многія 
гістарычныя дзяржаўна-прававыя пытанні застаюцца яшчэ маладаследаванымі, 
іншыя ж разглядаюцца навукоўцамі з вельмі супярэчлівых пазіцый.
Увогуле гісторыя дзяржавы і права Беларусі мае шэраг асаблівасцей, хоць у 
ёй ёсць шмат агульнага з гісторыяй іншых еўрапейскіх дзяржаў. Адной з такіх 
асаблівасцей, што ўносяць пэўную блытаніну ва ўспрыманне айчыннай гісторыі 
як замежнікамі, так і суайчыннікамі і перашкаджаюць яе асэнсаванню і вывучэнню, з’яўляецца выкарыстанне летапісцамі і навукоўцамі (асабліва замежнымі) 
адносна насельніцтва, якое тысячагоддзямі пражывала на тэрыторыі Беларусі, 
розных найменняў, а таксама ўвядзенне на пэўных гістарычных этапах у практыку дзяржаўнага жыцця і дакументальна-прававыя крыніцы новых назваў. Прычым назвы змяняліся часам па незразумелых прычынах. У летапісах (уласных і 
замежных) жыхары Беларусі называюцца то неўрамі, будзінамі (або гудзінамі), 
венедамі, славянамі, то адносна плямёнаў — крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі, 
бужанамі і г. д., то па назве гарадоў і княстваў — палачанамі, турычанамі, 
мянянамі, віцьбічамі і інш., а з утварэннем Вялікага Княства Літоўскага — 
ліцвінамі (літвінамі). Адносна ж назвы «беларусы», якая ўзнікае значна пазней, 
таксама маецца шмат пытанняў.
Трэба сказаць, што пісьмовыя звесткі, што захаваліся да нашага часу, 
няпоўныя, часам супярэчлівыя і недакладныя. Беларусы як неад’емная частка славян адносяцца да індаеўрапейскіх народаў, якія атрымалі вядомасць у 
еўрапейскай гісторыі параўнальна позна, выступаючы пры гэтым пад рознымі 
імёнамі. Першая пісьмовая згадка пра насельніцтва, што пражывала на 
тэрыторыі старажытнай Беларусі, належыць старажытнагрэчаскаму гісторыку 
Герадоту (V  ст. да н. э.), які называў нашых продкаў будзінамі і неўрамі. Па 
сведчаннях грэчаскіх і рымскіх вучоных, будзіны займалі тэрыторыю сучаснай Валыні і Беларусі. Пталамей лічыў, што рака Барысфен выцякала з гары 
Будзінскай. П.  І.  Шафарык, аналізуючы працы старажытных географаў, пісаў: 
«Імя іх [будзінаў] сустракаем каля вярхоўяў цяперашняга Буга, роўна як і на 
грэчаскай карце, складзенай навукоўцам Агафадэманам, сучаснікам Пталамея, і 
прыкладзенай да яе геаграфіі. Аб будзінах згадваюць яшчэ Мела, Пліній, Аміян 
Марцэлін, Юлій Ганорый, Эцік і Стэфан Візантыйскі. Калі меркаваць па гэтых 
сведчаннях, няма сумневу ў тым, што вялікі і шматлюдны народ — будзіны 
займалі некалі тэрыторыю ўсёй сучаснай Валыні і Беларусі» [2, c. 314–315]. 
Далей П. І. Шафарык адзначаў, што будзіны былі адным і тым жа народам з 
венедамі, мелі ўласную славянскую мову.
Назва «неўры», або ў славянскім напісанні «нарцы» (яны, як лічыў Герадот, размяшчаліся на заходніх ад будзінаў землях), была добра вядомая нашым 
летапісам і захавалася яна да цяперашняга часу ў розных геаграфічных назвах 
(Нарач, Нара, Нарэўка, Нурэц і інш.). Нават агульная назва «народ» цесна звязана з імем нарцаў (неўраў).


Рымскія і грэчаскія гісторыкі Тацыт, Пталамей і іншыя называлі продкаў 
беларусаў венедамі, венетамі, вендамі. Па меркаванні польскага гісторыка і 
археолага У. Генсаля, венеды (венеты, венды) былі вядомыя за тысячу гадоў да 
нашай эры. У Заходняй Еўропе імя венедаў замацавалася за славянамі яшчэ да 
з’яўлення назвы «славяне», якая стала шырокавядомай толькі ў VІ—VІІ стст. н. э. 
Іх першапачатковыя селішчы займалі тэрыторыю на поўнач ад Карпацкіх гор у 
басейнах рэк Віслы, Дняпра, Буга, Нёмана, Заходняй Дзвіны.
Упершыню назва «славяне» ў пісьмовых крыніцах сустракаецца ў VІ ст. 
у вершы біскупа Марціна, дзе ён пералічваў імёны народаў, якія спазналі 
сапраўднага Бога. Аднак гэтая назва ўзнікла значна раней, а шырокую вядомасць 
атрымала ў сувязі з ваеннымі паходамі славян, калі яны захапілі ў Візантыйскай 
і Рымскай імперыях значную колькасць крэпасцей і гарадоў. Я. А. Юхо адзначае, што асабліва паспяховыя былі паходы славян на Візантыю ў V—VІІ стст., у 
выніку чаго яны стварылі свае новыя дзяржавы — Сербію, Харватыю, Балгарыю, 
Славенію і інш. Так, драгавіты захапілі землі ў Македоніі і Балгарыі. Бужане 
стварылі сербскую дзяржаву. Крывічы захапілі і засялілі ўзбярэжжа Адрыятычнага мора [3, с. 5].
Навукоўцы адзначаюць, што тэрыторыю Беларусі ў выніку славянскай 
міграцыі засялілі пераважна радзімічы, крывічы (крэвічы), дрыгавічы (драгавіты). 
Апрача таго, вядома, што яе засялялі і балтыйскія плямёны. Узаемадзеянне 
славян і балтаў, іх змешванне на тэрыторыі Беларусі — вельмі дыскусійнае пытанне ў гістарычнай навуцы. Вызначэнне этнічнай прыналежнасці беларускага 
народа абумовіла з’яўленне розных навуковых тэорый на гэты конт: тэорыя 
славянскага субстрату, заснаваная на пазіцыі змешвання славянскіх плямёнаў на 
тэрыторыі Беларусі; тэорыя балцкага субстрату, якая зыходзіць з кансалідуючай 
ролі балцкіх плямёнаў у змешванні славянскіх плямёнаў; тэорыя, якая разглядае 
дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў як першапачатковыя беларускія плямёны, і г. д.
У дачыненні да гістарычных назваў «Русь», «Белая Русь», «Літва» таксама 
шмат незразумелага. Вядома, што назва «Русь» у Х—XІ стст. ужывалася адносна 
Кіеўскай зямлі, а пасля яна набыла дзяржаўнае і этнічнае значэнне для жыхароў 
Кіеўскага княства. Аднак Я. А. Юхо піша, што з Х ст. Руссю называлі ўсю 
Усходнюю Еўропу, дзе жылі славяне, і гэтая назва змяніла найменне «скіфы», 
якое ўжывалі грэчаскія і візантыйскія пісьменнікі. Акрамя таго, тэрмін «Русь» 
ужываўся яшчэ і для вызначэння асобнай сацыяльнай групы насельніцтва — так 
у асноўным называлі кіеўскіх гарадскіх купцоў, баяр і дружыннікаў [3, с. 8].
У сувязі з тым, што на старажытнай зямлі будзінаў і неўраў узнікла дзяржава 
пад назвай Вялікае Княства Літоўскае (скарочаная назва — Літва), на працягу 
стагоддзяў насельніцтва старажытнай Беларусі звалася ліцвінамі (літвінамі), 
а зямля — Літвой. Трэба адзначыць, што адносна гэтай назвы даволі шмат 
разыходжанняў. Вучоныя пішуць, што першае згадванне «Літвы» ў заходніх 
летапісных крыніцах датуецца 1009 г., а ва ўсходніх пісьмовых крыніцах гэтая 
назва сустракаецца каля 1130 г. В. М. Тацішчаў адзначаў, што ў 1239 г. вялікі 
князь Яраслаў Усеваладавіч хадзіў на Літву, «бороня смолян; и, победив Литву, 
посадил в Смоленске на столе князя Всеволода Мстиславовича» [4, с. 217]. 


А літоўскім князем быў не хто іншы, як полацкі князь Святаслаў Мсціслававіч, 
які ў 1232  г. заваяваў Смаленск.
У кнізе «Очерк истории Северо-Западного края России» І. Д. Бяляеў пісаў, 
што летапісы з канца XІІ ст. змяшчаюць шмат сведчанняў, па якіх можна дакладна прасачыць, як пакрысе Полацкая зямля ў нашых летапісцаў ператварылася ў «Літоўскую». Пра напад літоўцаў з Беларускага Палесся на ўкраінскія 
землі згадваў італьянец Плана Карпіні, які ехаў у 1246 г. праз Украіну да татараманголаў. Ён пісаў: «Князь паслаў з намі да Кіева аднога служэбніка. Тым не 
менш, усё ж мы ехалі пастаянна ў смяротнай небяспецы з-за літоўцаў, якія часта 
і таемна, наколькі маглі, рабілі набегі на землі Русіі і асабліва ў тых месцах, праз 
якія мы павінны былі праязджаць» [5, с. 67].
Адносна тэрыторыі Беларусі, як адзначалі шматлікія вучоныя, шмат 
стагоддзяў ужывалася назва «Літва». У ХVІ—ХVІІІ стст. яна распаўсюдзілася 
на ўсё насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія землі былі 
дамінуючымі, а тагачасная беларуская мова была прызнаная дзяржаўнай і на ёй 
працавала дзяржаўная канцылярыя, пісаліся шматлікія законы. Страта гэтай назвы мела дзве прычыны: палякі стараліся навязаць назву «Польшча», а расіяне — 
«Белая Русь» [6, с. 5–12].
Літвой называлі беларускія землі да канца XVІІІ ст., хоць паралельна пэўны 
перыяд часу выкарыстоўваліся і іншыя назвы. Напрыклад, з X ст. у дачыненні да 
праваслаўнай царквы ў Беларусі стала ўжывацца назва «руская вера», у сувязі з 
чым праваслаўнае насельніцтва звалася «рускім». Насельнікі Русі Літоўскай і Русі 
Маскоўскай лічылі кожны менавіта сябе «сапраўднай руссю», а іншых называлі 
«маскавітамі», «маскалямі» або, адпаведна, «літвой», «літвінамі», «ліцвінамі» 
(менавіта апошнія назвы доўгі час ужываліся адносна беларусаў). Амаль што 
ўпершыню тэрмін «русіны» з’явіўся ў Дагаворы Русі з Візантыяй 1011 г., потым у Праўдзе Яраславічаў (пачатак ХІ ст.), а пасля ў беларускім міжнародным 
Дагаворы 1229 г. і беларускіх летапісах.
У сувязі з гістарычнымі зменамі назвы беларускага народа і цяпер часам 
узнікае блытаніна адносна айчыннай гісторыі. Напрыклад, у некаторых кнігах 
замежных аўтараў гаворыцца пра «літоўскую дзяржаву», «літоўскае права», 
«літоўскія Статуты», што ніяк не атаясамліваецца з гісторыяй Беларусі [7]. Таксама існуюць непаразуменні з шэрагам літоўскіх даследчыкаў, якія на падставе 
назвы «Літва» схільныя прыпісваць сваёй дзяржаве гісторыю Вялікага Княства 
Літоўскага.
Адносна паходжання назвы «Белая Русь» існуе шмат версій: Русь, вольная 
ад татара-мангольскага ярма; краіна белых снягоў; ад белага колеру вопраткі 
ці валасоў насельніцтва; Заходняя Русь; хрысціянізаваная Русь; у значэнні 
духоўнага дабрабыту і інш. [8]. Гэтая назва ўзнікла параўнальна позна і існуе 
паралельна з назвай «Літва». Пра тое сведчаць, напрыклад, дакументы XVІІІ ст., 
у якіх сустракаецца часам падвойнае найменне — «літвін-беларусец» або 
«беларусец-літвін».
Назва «Белая Русь» умацоўваецца на беларускіх землях паступова (магчыма, 
у сувязі з хрысціянізацыяй насельніцтва, хоць існуюць і іншыя меркаванні), набываючы нацыянальна-этнічны характар, а пасля далучэння беларускіх зямель 


Доступ онлайн
471 ₽
В корзину